Перайсці да зместу

Усходняя Ява

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Усходняя Ява
індан.: Jawa Timur
Сцяг
Герб[d] Сцяг
Краіна
Уваходзіць у
Адміністрацыйны цэнтр Сурабая
Дата ўтварэння 25 лютага 1950
Губернатар Adhy Karyono[d]
Афіцыйныя мовы інданезійская мова, мадурская мова, яванская мова
Насельніцтва 39 293 000 (2 017)
Нацыянальны склад яванцы (80 %), мадурцы (18 %), кітайцы (2 %)
Канфесійны склад Іслам (96.36 %), хрысціянства (2.4 %)
Плошча 47 799,75 км²
Вышыня
над узроўнем мора
1 554 м
Часавы пояс UTC+7
Код ISO 3166-2 ID-JI
Паштовыя індэксы 60111 - 69493
Афіцыйны сайт
Дэвіз Jer Basuki Mawa Béya (Поспех патрабуе ахвярнасці)
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Усходняя Ява (індан.: Jawa Timur) — інданезійская правінцыя, якая месціцца на ўсходзе вострава Ява, востраве Мадура і шэрагу іншых суседніх астравоў. Плошча — 47 799,75 км². Насельніцтва (2017 г.) — 39 293 000 чал. Адміністрацыйны цэнтр — Сурабая.

У выніку кансэнсуса паміж каланіяльнымі галандскімі ўладамі і прыхільнікамі абвешчанай у 1945 г. незалежнай Інданезіі было вырашана, што дзяржава будзе развівацца як федэрацыя. У гэтай сувязі ў 1948 г. былі сфарміраваны штаты Усходняя Ява і Мадура. Аднак у 1950 г. перавагу атрымалі прыхільнікі ўнітарнай інданезійскай рэспублікі. 25 лютага 1950 г. штат Усходняя Ява абвясціў аб сваёй ліквідацыі як асобнага дзяржаўнага фарміравання і далучэнні да адзінай дзяржавы. 7 сакавіка 1950 г. тое ж самае зрабіў штат Мадура. На іх месцы ўзнікла правінцыя Усходняя Ява з цэнтрам у горадзе Сурабая.

Правінцыя Усходняя Ява ўключае усход вострава Ява, востраў Мадура, шэраг драбнейшых астравоў Бавеян, Кангеан, Масалембу і інш. Усе астравы маюць вулканічнае паходжанне. На тэрыторыі Усходняй Явы месцяцца актыўныя вулканы Брома (2329 м) і Семеру (3676 м).

Клімат правінцыі вызначаны блізкасцю да экватара і ўздзеяннем сезонных мусонаў. Ён больш засушлівы, чым заходняя частка Явы. На востраве Мадура пераважае расліннасць саваннага тыпу. Сярэднегадавая колькасць ападкаў складае каля 1900 мм у год, але большасць з іх выпадаюць на сезон мусонаў (каля 100 дзён). Сярэднегадавая тэмпература вагаецца ад +19 °C да +34 °C. Тэмпературны рэжым залежыць ад вышыні паверхні. Так, у горных раёнах Семеру тэмпература можа апускацца да −4 °C.

Асаблівасці культуры

[правіць | правіць зыходнік]

Тэрыторыя правінцыі Усходняя Ява — старажытнае месца рассялення людзей. Тут знойдзены рэшткі пітэкантрапаў. Відавочна, людзі сучаснага тыпу з’явіліся ў познім палеаліце. Узгадкі пра дзяржаўныя фарміраванні датуюцца 760 г. н. э. Большасць сучасных жыхароў — яванцы. На востраве Мадура жывуць мадурцы. Яванская і мадурская мовы выкарыстоўваюцца на рэгіянальным узроўні на роўні з інданезійскай, якая мае афіцыйны статус. Сярод нацыянальных меншасцей вылучаюцца тэнгеры, бавеянцы, кангеанцы. Усе яны — аўстранезійцы. У буйных гарадах таксама сустракаюцца прадстаўнікі кітайскай абшчыны.

Найбольш распаўсюджаная рэлігія — іслам (96,36 %). Другая па ліку рэлігійная група — хрысціяне. Тэнгеры і частка яванцаў спавядаюць індуізм. Сінкрэтызм характэрны для абанган.

На тэрыторыі правінцыі працуе каля 14 універсітэтаў і іншых устаноў вышэйшай адукацыі.

Усходняя Ява з’яўляецца адным з найбольш развітых эканамічных рэгіёнаў Інданезіі. Прамысловасць прадстаўлена такімі галінамі, як здабываючая, лёгкая, харчовая, фармакалагічная, хімічная. На тэрыторыі правінцыі здабываюць прыродны газ, нафту, вугаль, серу і інш. Важныя прадукты прамысловай вытворчасці: пластмасы, гума, цыгарэты, вопратка, харчовы алей і г. д.

Сельская гаспадарка — традыцыйная галіна. Дзякуючы кліматычным асаблівасцям і ўрадлівым глебам ва Усходняй Яве вырошчваюць самыя разнастайныя харчовыя і тэхнічныя культуры: рыс, гародніну, садавіну, бавоўну, тунг, алейныя пальмы. У горных раёнах і на востраве Мадура развіта жывёлагадоўля, пераважна трымаюць кароў. Да сельскай гаспадаркі адносяць рыбалоўства. У 2016 г. здабыта 407 649 т. рыбы.

Сурабая, адміністрацыйны цэнтр правінцыі, — важны транспартны і фінансавы цэнтр Інданезіі.

Зноскі

  1. а б East Java Province Administrative Division Data and Code 2015
  2. а б Indonesian Minister of Home Affairs Decree 100.1.1-6117 Of 2022 — С. 1900.